Фальклорны запіс пра Машэку

[13.] Машэка
У самай непралазнай пушчы, заваленай стогадовымі дрэвамі, якія самі паваліліся на кар<>ню ад старасьці і дзе амаль ніколі не ступае нага чалавека, жыве Машэка. А падобны ён на чорта - гэтак жа, як і нячысьцік, увесь зарос поўсьцю, такі ж рагаты <й> барадаты ды і з капытамі на нагах; праўда, толькі галава ў яго значна большая, лепш сказаць, вялізная як цэбар і з такімі ж вялізнымі, як талеркі, вачыма. Дастаткова яму ўбачыць чалавека, як той адразу ж траціць розум і пачынае бясконца і бязмэтава блукаць па лесе, пакуль не памрэ ад апанаваўшага яго страху і голаду дзе-небудзь пад ялінай ці не ўтопіцца ў русалцы - так у нас называюць бяздонныя во[к]нішчы сярод балота. Бываюць, праўда, выпадкі, што людзі пасьля яго погляду застаюцца жывымі. Старыя сьцьвярджаюць, што гэта Машэка адпусьціў чалавека, бо пашкадаваў яго, і пры гэтым абавязкова дадаюць, што лясны цар вызваляе са свайго палону не па сваёй дабрыні, а каб людзі штодзённа помнілі пра яго існаваньне, баяліся і прыносілі яму ахвяры. Машэкам у Сомрах і да гэтага часу пужаюць непаслухмяных дзяцей, бо як расказваюць старажылы вёскі, бывалі раней выпадкі крадзяжу і малых дзетак, асабліва ў маладзіц, якія на сваіх <рэзках> каля балота жалі жыта <й> пакідалі немаўлят адных паспаць у <бабках> сярод снапоў. Машэка нябачна й нячутна падкрадваўся да дзіцяці, забіраў яго і нёс да сябе ў пушчу, дзе нейкім чынам ператвараў хлопчыка ў ведзьмара, а дзяўчынку - ў ведзьму.
У ноч перад Купалам Машэка кожны год наладжвае на Вялікім балоце грандыёзны баль, тады ўсё балота ўсыпае безьліччу мігаючых сіняватых агеньчыкаў, вельмі падобных на сьветлячкі, але значна большых і прыгажэйшых, і балота да самай раніцы пераўтвараецца ў вельмі прыгожую танцавальную пляцоўку. Русалкі, сабраўшыся з усяго навакольля, разам з Машэкам і вадзянікамі водзяць карагоды, дзівосна сьпяваюць свае чароўныя, прызыўныя песьні. Меншыя ж русалачкі і вадзянічкі таксама, гарэзьліва сьпяваючы, гушкаюцца на дрэвах. Чутна толькі яшчэ, акрамя сьпеваў, як нейдзе далёка час ад часу хлопае вада, нехта раз-пораз ускрыквае, і крык той вельмі падобны на крык рысі. Гэта крычыць задаволены б[а]лем Машэка, а з высокіх ялін яму адказваюць пугачы, якія таксама з усяго лесу зьбіраюцца на гэтую гулянку. Усе ж іншыя зьвяры і птушкі, а таксама коні, якіх туды часам ганяюць на начлег, зь дзікім тупатам, храпам, піскам і крыкам штомоцы бягуць і ляцяць з таго пракля<ўш>ага месца, шукаючы больш зацішнае і добрае.
А калі пасьля Купальля пойдзеш на Вялікае балота, то ўбачыш на ім мноства сьлядоў: здаецца, што цэлы статак кароў пасьвіўся каля бяздонных во[к]нішчаў на балоце. А на астравах сярод балота заўважыш безьліч сагнутых бярозак, на якіх шматкамі вісіць мох. Гэта Машэка пакінуў пасьля свайго вясельля памятныя знакі ведзьмам, якія тут і толькі тут павінны шукаць праклятае зельле для сурокаў на людзей і іх скаціну. Калі ж ты калі-небудзь убачыш сагнут<ае> дугой дрэв<а>, то не ўздумай прайсьці пад ім - цябе абавязкова скруціць і скрывіць як бярозку, або цяжка захварэеш ці нават памрэш. Сагнулася гэтае дрэўц<ы> таму, што на іх ноччу гушкалася нячыстая сіла. Чарцяняты, як і вядзьмаркі, наводзяць порчу не толькі на людзей і іх жывёлу, але і на птушак, і на зьвера дзікага. Старыя расказвалі нават, што некалі ў <Клёўцы> завёўся вось такі порчаны воўк, які прабег выпадкам пад сагнутай дугой бярозкай. Дык ён таксама, як і Машэка, краў дзяцей і зьядаў іх.
Некаторыя старыя вядзьмаркі добра ведалі, дзе жыве Машэка і наведваліся да яго ў госьці нават днём, але ніхто з добрых людзей ні разу не змог прайсьці за імі назіркам. Жыла калісьці ў Сомрах вядзьмарка Васіліха. Расказвалі, што не раз бачылі яе на полі, калі ішла ў напрамку Вялікага балота. Але як увойдзе яна ў лес, дык як у ваду кане - ні сьледу пасьля яе не застаецца, ні сучок пад нагой не затрашчыць. Здаецца, вось толькі што была ў некалькіх кроках ад цябе, крыва ўсьміхалася і скаліла зубы, ды і няма яе - прапала, як воблака растала ў паветры. А як толькі выйдзе на поле, дык нібы з туману яе постаць. А ведзьма была дык ведзьма: шмат ліха зьведалі ад яе людцы, шмат каго <с>урочыла. А як памёрла Васіліха - а памірала яна ой у якіх муках - дык людзі гаварылі, што гэта Машэка яе да сябе забраў.

З аповяду Алексіевіч Хрысьціны
Мінаўны, 1919 г.н., Лап[ы] Тацьцяны Мінаўны, жыхарак
вёскі Сомры Ухвальскага с/с
Запісаў Алексіевіч Іван Міхайлавіч
у 1998 годзе

http://klan-land.livejournal.com/95174.html

Comments

Отправить комментарий

The content of this field is kept private and will not be shown publicly.
CAPTCHA
Пожалуйста, введите слова, показанные на картинке ниже. Это необходимо для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя спам-бота. Спасибо.
2 + 14 =
Решите эту простую математическую задачу и введите результат. То есть для 1+3, введите 4.

Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Пожалуйста, войдите или зарегистрируйтесь. Only registered users can post a new comment. Please login or register. Only registered users can post a new comment. Please login or register.